• en
  • ru
  • КАНГРЭС-ПЕРФОРМАНС РАБОТНІКАЎ І РАБОТНІЦ КУЛЬТУРЫ

    11/1/2019

    Мінск, 23.11.2019

    Lo-Fi Social Club / (Кастрычніцкая, 16/3)

    вольны уваход (рэгістрацыя – https://forms.gle/GZmafMqGwHo5VuGMA)

    Маша Святагор: https://mashasvyatogor.com/

    23 лістапада 2019 года ў Мінску адбудзецца Кангрэс-перформанс работнікаў і работніц культуры, ініцыятарамі якога з’яўляюцца ўдзельнікі і ўдзельніцы праекта “СТАТУС: Роля мастачак і мастакоў у трансфармацыі грамадства” з Беларусі і Швецыі. 

    У межах аднадзённага Кангрэса-перформансу пройдуць дыскусіі і размовы, варкшопы і перформансы, а таксама прэзентацыі мастацкіх прац, звязаныя з пытаннямі ўмоваў працы і прававога статусу мастакоў у Беларусі і Швецыі, абароны іх правоў, роўнасці, гендару і ўзросту. Кангрэс запрашае да ўдзелу спецыялістаў з галіны культуры і мастацтва (мастакоў і мастачак, куратараў і куратарак, даследчыкаў і даследчыц, менеджараў і менеджарак, музейных работнікаў і работніц і іншых), а таксама ўсіх, хто цікавіцца заяўленымі тэмамі.

    Мэта Кангрэса — абмеркаваць і звярнуць увагу на прававы статус мастакоў і мастачак у беларускім і шведскім грамадствах для таго, каб скіраваць увагу дзяржаўных органаў на тыя юрыдычныя аспекты, якія патрабуюць змены ў кантэксце новых формаў мастацкай вытворчасці і прэкарнай працы. 

    “СТАТУС” — гэта калектыўны даследчы праект, які рэалізуецца ў кааперацыі шведскіх і беларускіх партнёраў: KONSTEPIDEMIN у Гётэбаргу і галерэі Прастора КХ у Брэсце. Мэта праекта — даследаванне кантэксту і ўмоў рэалізацыі сучаснай мастацкай практыкі, а таксама пазіцыі і ролі мастакоў і мастачак у сучасным грамадстве. Падчас Кангрэса будзе прэзентавана публікацыя “Мастацкая практыка і сацыяльныя змены. Назіранні з Беларусі і Швецыі”— выданне, у якое ўвайшлі тэксты і мастацкія працы, створаныя ў межах праекта “СТАТУС”.

    Арганізатары праекта: Konstepidemin (Швецыя), галерэя КХ (Брэст, Беларусь).

    Партнёры праекта: Шведскі інстытут, Шведскі саюз мастакоў.

    Канцэпцыя і рэалізацыя: Аляксей Барысёнак, Таня Арцімовіч, Інга Ліндарэнка, Аліна Дзеравянка

    Арт-ворк для постара: Маша Святагор

    Дызайн постара: Марыя Кірыльчык

    Мастацкая інтэрвенцыя ў прастору: Сяргей Шабохін

    Удзельнічаюць: Альміра Усманава, Ёнатан Хабіб Энквіст, Аляксей Барысёнак, Мона Вальстром, Сафія дэ ля Фуэнтэ, Уладзімір Грамовіч, Таня Арцімовіч, Аляксей Талстоў, Лінда Тэдсдотэр, Алена Агарэлышава, Лізавета Міхальчук, Антаніна Слабодчыкава, Міхаіл Гулін, Вольга Маслоўская, Дар’я Амяльковіч, Аксана Гайко, Павал Касцюкевіч, Ірына Лукашэнка, Аліна Дзеравянка. 

    ПРАГРАМА

    10:00 Адкрыццё выставачнай часткі Кангрэса і прэзентацыя публікацыі “Мастацкая практыка і сацыяльныя змены. Назіранні з Беларусі і Швецыі”. Лідэры праекта і Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь спадарыня Крысціна Йоханнессон.

    10:15–12:00  Post Work. Панэльная дыскусія пра мастацтва і працу. 

    Удзельнічаюць: Альміра Усманава (Беларусь/Літва), Ёнатан Хабіб Энквіст (Швецыя). 

    Мадэрацыя: Аляксей Барысёнак.

    12:00–14:00 Прававы статус мастачак і мастакоў. Чаго чакаць ад будучыні? Панэльная дыскусія. 

    Удзельнічаюць: Таня Арцімовіч, Уладзімір Грамовіч, Лінда Тэдсдотэр. 

    Мадэрацыя: Аляксей Талстоў.

    14:15 Перформанс “Сацыяльная роля”, мастак Міхаіл Гулін.

    15:00–16:30 Мастацкія саюзы: прыклады Беларусі і Швецыі. Панэльная дыскусія. 

    Удзельнічаюць: Глеб Отчык, першы намеснік Старшыні Беларускага Саюза Мастакоў, Сафія дэ ля Фуэнтэ, член праўлення Шведскай Асацыяцыі Мастакоў,  член праўлення Міжнароднай Асацыяцыі Мастакоў.

    Мадэрацыя: Мона Вальстром.

    16:30–18:00 Мастацтва, гендар і ўзрост: падтрымліваючы нябачную працу. Арт-ток.  

    Мадэрацыя: Алена Агарэлашава.

    18:30–20:00 Сесія калектыўнага чытання і абмеркавання Кодэкса аб культуры Беларусі.

    Чытаюць: Дар’я Амяльковіч, Аксана Гайко, Павал Касцюкевіч, Ірына Лукашэнка. Мадэрацыя: Аліна Дзеравянка. 

    20:30 Перформанс Вольгі Маслоўскай.

    21:00-23.00 Music and drinks.

    Падчас Кангрэса будзе сінхронны пераклад з ангельскай на рускую мову і наадварот. 

    Падрабязнае апісанне праграмы

    Post Work. Панэльная дыскусія пра мастацтва і працу

    У 2012 годзе Міжнародная праграма студый мастакоў у Стакгольме IASPIS апублікавала даследаванне “WORK WORK WORK. A reader on Art and Labour”. У сваім эсэ з гэтай кнігі тэарэтык і куратар Ларс Банг Ларсен адзначае парадаксальныя стасункі мастацтва і творчасці. З аднаго боку, мастацтва сёння як ніколі ўкаранілася ў сацыяльна-эканамічную сферу, і таму можа быць прызнана працай. З іншага боку, мастацкая практыка парушае рытм рэжыму працы — “адмаўляецца ўдзельнічаць у вытворчасці і ўзнаўленні таго, што існуе”, па словах Банга Ларсена. 

    Што мы разумеем пад працай у мастацтве і культуры сёння? Як гэта ўбудоўваецца ў рынкавую эканоміку і сістэму працы, капіталістычную эксплуатацыю і бюракратычны кантроль? Як работнікі культуры вырашаюць гэтыя пытанні, якія спосабы арганізацыі яны выбіраюць? Якія існуюць адрозненні ў разуменні гэтага феномена ў розных геаграфічных кантэкстах?

    Удзельнічаюць: Альміра Усманава (Беларусь/Літва), Ёнатан Хабіб Энквіст (Швецыя). 

    Мадэрацыя: Аляксей Барысёнак.

    Прававы статус мастачак і мастакоў. Чаго чакаць ад будучыні? Панэльная дыскусія

    Шырока вядомы стэрэатып пра галодных і натхнёных творцаў у беларускіх рэаліях праяўляецца ў тым ліку ў нявызначанасці іх прававога статусу. Тое ж самае тычыцца крытыкаў, куратарак і куратараў, арт-менеджараў і арт-менеджарак ды іншых. Знаходзячыся ў досыць прэкарных умовах, працуючы ад выставы да выставы са спадзевам на продаж ці мінімальны ганарар, пагаджаючыся на праектную занятасць, беручы падпрацоўкі і адначасова спрабуючы будаваць кар’еру, людзі з гэтай сферы рэдка ўпэўненыя ў сваёй будучыні. Але як вызначыць іх сённяшняе становішча? Хто яны на рынку працы? Фізічныя асобы, індывідуальныя прадпрымальніцы і прадпрымальнікі, супрацоўніцы і супрацоўнікі інстытуцый на кантракце? Ці яны афармляюць рамесніцтва? Ці пацверджаная іх прафесійная прыналежнасць сертыфікатам міністэрства культуры? Ці яны ўладкаваныя на іншых “афіцыйных” працах? Ці паразітуюць на дзяржаўнай сацыяльнай палітыцы? Пытанняў шмат. Падчас дыскусіі мы паспрабуем ахапіць хіба некаторыя з іх.

    Удзельнічаюць: Таня Арцімовіч, Уладзімір Грамовіч, Лінда Тэдсдотэр

    Мадэрацыя: Аляксей Талстоў. 

    Панэльная дыскусія. Мастацкія саюзы: прыклады Беларусі і Швецыі 

    Мы запрашаем прадстаўнікоў мастацкіх саюзаў Швецыі і Беларусі выказацца пра надзённыя пытанні яе членаў, погляды на культурную палітыку сваіх урадаў, праблемы, якія тычацца прававога статусу мастака і мастачкі. Якія асаблівасці мастацкіх прафсаюзаў Швецыі і Беларусі?  Якім чынам членства ў арганізацыі дапамагае мастакам адстойваць і абараняць свае правы? Як мастацкія саюзы з Беларусі і Швецыі рэагуюць на новыя формы вытворчасці і працы, якая набывае ўсё больш прэкарны характар?

    Удзельнічаюць: Глеб Отчык, першы намеснік Старшыні Беларускага Саюза Мастакоў, Сафія дэ ля Фуэнтэ, сяброўка праўлення Шведскай Асацыяцыі Мастакоў, а таксама сяброўка праўлення Швецыі ў Міжнароднай Асацыяцыі Мастакоў.

    Мадэрацыя: Мона Вальстром.

    Мастацтва, гендар і ўзрост: падтрымліваючы нябачную працу. Арт-ток 

    Гендар, мастацтва, узрост, мацярынства – наколькі гэта ўплывае на эканамічную ўстойлівасць і сацыяльную абароненасць мастачак? Запрашаем на шчырую размову з мастачкамі.

    Мадэрацыя: Алена Агарэлашава.

    Сесія калектыўнага чытання і абмеркаванне Кодэкса аб культуры Беларусі

    Сесія калектыўнага чытання і абмеркаванне Кодэкса аб культуры будзе праводзіцца на аснове кароткіх прэзентацый, чытанняў і аналізу асобных тэзісаў з дакумента, якія амаль не абмяркоўваўся публічна. 

    Чытаюць: Дар’я Амяльковіч, Аксана Гайко, Павал Касцюкевіч, Ірына Лукашэнка. Мадэрацыя: Аліна Дзеравянка.