• en
  • ru
  • НІХТО НЕ РАЗМАЎЛЯЕ СА МНОЙ ЯК З ЧАЛАВЕКА(Й)М

    11/11/2019

    Я работніца культуры. Шмат размаўляю з людзьмі, гэта частка маёй працы. З маімі калегамі і каляжанкамі, сяброўкамі і сябрамі, якія таксама працуюць у мастацтве. З аўдыторыяй, журналістамі, навукоўцамі, студэнтамі. Я павінна размаўляць, і часцей за ўсё гэта пра мастацтва.

    Часта я стамляюся гаварыць. Мне б хацелася гэтага не рабіць. Злавіць цішыню і маўчаць. Знікнуць ад людзей, нават ад сваіх блізкіх. Часам мне падаецца, яны думаюць аб тым жа.

    Аднойчы, калі я сустрэлася з сябрамі і мы зноў абмяркоўвалі адну важную бягучую тэму, я зразумела, што ведаю іх даўно, з некаторымі з іх мы зрабілі шмат праектаў разам, мы пачуваем сябе камфортна адзін з адным, у нас ёсць вясёлыя п’яныя ўспаміны. Я добра ведаю пра іх творчую дзейнасць, каштоўнасці, якія мы падзяляем альбо не, пра палітычную і грамадзянскую пазіцыю. Але больш я не ведаю пра іх анічога. Дзе ён альбо яна жыве і з кім? Ці ёсць асоба, аб якой ён ці яна клапоцяцца? Маці альбо бацька, ці сям’я, дзеці? Дзе яны зарабляюць грошы? Аб чым мараць і чаго баяцца? Ці маюць хобі па-за мастацтвам? Як яны праводзяць свой працоўны дзень і выходныя? Ці ёсць праблемы ў стасунках з партнёрамі альбо ў сям’і?

    Я зразумела, што мы шмат гаворым пра важныя тэмы, мы робім вялікія праекты, але амаль ніколі не размаўляем адзін з адным як з чалавечай істотай. Мы выглядаем паспяховымі ці прадстаўляем сябе так, але што знаходзіцца па-за гэтым?

    Я пачала збіраць асабістыя гісторыі людзей, якія працуюць у полі мастацтва. Галоўная ўмова гэтых размоў — яны адбываліся ў яе ці яго доме альбо ў любым іншым месцы, якое з’яўляецца найбольш інтымнай прасторай для іх. Гэтыя гісторыі я пакідаю ананімнымі, быццам главы кнігі, якая ўяўляе сабой калектыўны расповяд. Падчас гутаркі я рабіла фотаздымкі, якія, з майго пункту гледжання, расказваюць пра тое месца, дзе я была. І не мае значэння, каму яны належаць.

    САБАКА

    Часткаю майго экалагічнага ладу жыцця з’яўляецца тое, што я клапачуся аб бяздомных жывёлах. Мой сябра называе мяне вар’яткай, як тыя бабулі, але я не магу гэтага не рабіць. Гэта вельмі дыскамфортна, таму што ты забываешся пра свае асабістыя межы. Але я адчуваю, што павінна гэта рабіць.

    У мяне быў сабака. У яго не было аднаго вока і ён кульгаў. Я ўбачыла яго на страсе дома ў двары. Ведала тады, што там яму заставацца небяспечна, бо адзін мясцовы палюе на яго. Я не магла спаць тыя ночы, пакуль не забрала сабаку да сябе. Маё жыццё змянілася. Ён прынёс шмат клопатаў. Я не магла нават падарожнічаць, таму што ён не падпускаў да сябе анікога з маіх сяброў. Кожны раз чакаў мяне, і я адчувала вельмі моцную адказнасць. Апошнія гады не магла выехаць нават на некалькі дзён.

    Гэта быў мой дзень народзінаў. Ён памёр. Думаю, ён ведаў, што я люблю яго, але стамілася. Выглядала на тое, што ён зрабіў мне падарунак.

    БАЦЬКОЎСКІ СЦЭНАР

    Не магу сказаць, што мы ў блізкіх адносінах. І гэта цягнецца з майго дзяцінства. Як чалавек пэўнага ўзросту, мой бацька мае шмат стэрэатыпаў. Ён марыць, каб у мяне была сям’я, дзеці, наладжаная гаспадарка і добрая праца. Ён думае, праца, якая наўпрост не звязаная з грашыма, – гэта лухта. Яму падаецца, што я памыляюся. Магчыма, ён мае рацыю, магчыма, я штосьці губляю. Але я жыву, як хачу, і я не ведаю, як магу спалучаць свае жаданні з тыповымі чаканнямі майго бацькі.

    Адначасова ён ганарыцца, што я мастачка – менавіта ён калісьці аддаў мяне ў мастацкую школу. У той жа час хвалюецца, што я нібыта за межамі сацыльнага ладу… Не маю працоўнай кніжкі, няма стабільнай будучыні. Часам і мне падаецца, што гэта не правільна, што, так, я не буду, хутчэй за ўсё, мець пенсію, і калі раптам я старая і хворая, як я буду жыць?

    Шчыра кажучы, я спрабавала прымяраць на сябе досвед традыцыйнай сям’і, дзе жанчына выконвае такую функцыю жонкі. Я была замужам восем гадоў, але мне гэта не пасавала. Зараз спрабую зразумець, навошта гэта зрабіла? Чаму пагадзілася на такія стасункі? Майму мужу падабалася, што яго жонка – мастачка, але ад пачатку ён хацеў тыповай сям’і, каб былі дзеці, марыў пра кватэру, машыну, адпчынак на моры… Думаю, я адпрацоўвала нейкі бацькоўскі сцэнар. Я паспрабавала сыграць гэтую ролю, але не змагла. Маю адчуванне, што штосьці згубіла.

    КОФТА

    У мяне ёсць сябра. Ён жыве за мяжой. Мы ведаем адзін аднаго даўно, але сустракаемся рэдка. Дарэчы, мы амаль ніколі не размаўлялі на прыватныя тэмы, але ў той жа час адчуваю, што паміж намі – давер. Я люблю яго. Ведаю, што ён гей, але люблю яго менавіта як чалавека. Не магу дакладна растлумачыць, гэта любоў. Аднойчы я падарожнічала і на некалькі дзён спынілася ў яго. Увечар мы выпівалі і размаўлялі. Раптам ён сказаў: Я павінен падараваць табе штосьці. Што я магу табе падараваць?Ой, не трэба, бо мне няма чым адказаць. — Не турбуйся. Гэта я хачу зрабіць табе падарунак… І ён падараваў мне сваю любімую кофту. Я адразу прымерала яе, ён засмяяўся: О, зараз ты выглядаеш як сапраўдная лесбіянка.

    Гэта мая любімая кофта. Калі я апранаю яе, адчуваю, што не адна.

    КРЫШТАЛЬНАСЦЬ

    Клопат, мне здаецца, гэта такая жаночая практыка, якую робіш па змоўчанні. Нядаўна ў мяне з партнёрам выйшаў канфлікт. У момант майго крызісу ён мяне эмацыянальна не падтрымаў, і гэта мяне пакрыўдзіла. А што калі і я буду паводзіць сябе гэтак жа? Я перастала ў яго пытацца, як прайшоў яго дзень, што здарылася, што турбуе. Адчужана віталася з ім, моўчкі вячэрала і глядзела кіно. То-бок ён думае, што гэта мой натуральны стан — клапаціцца, але гэта і мая праца. Гэта значыць, я падтрымліваю чалавека побач з сабой. Цяплом, размовай, таму што разумею, як чалавеку гэта трэба. Мы прагаварылі гэту сітуацыю, і я сказала, што, бачыш, я таксама магу хадзіць вось так, у мяне няма такой унутранай патрэбы быць з табой клапатлівай. Але я раблю гэта, таму што ведаю, як чалавеку гэта патрэбна. Ён сказаў: так, я разумею. Жыць з кімсьці — гэта заўсёды велізарная праца.

    Калі ў мяне з’явіцца паўнавартасная сям’я — дзіця, — я буду адчуваць залежнасць, мне гэта будзе непрыемна, напэўна. З раніцы да вечара ты мама. Увесь час і заўсёды… доўга. Я прачытала ў тэлеграме анекдот. Муж з жонкай ляглі ў ложак і амаль у адзін голас: “І гэтае пекла трэба трываць яшчэ 18 гадоў!” І яны рассмяяліся. Вядома, мала хто можа прызнацца, тыпу, што мы нарабілі. Але калі ты агучыў, то можна з гэтага і пасмяяцца. З іншага боку… Ішла я неяк на працу і думала, як можна ў здаровым розуме планаваць дзіця? Я адкладаю гэтае рашэнне. Таму што не ведаю, ці хачу. Але мне здаецца, што людзі, якія свядома хочуць дзіця, яны насамрэч прагнуць цяпла, любові, то-бок пачуццяў, якіх яны не адчуваюць у іншых месцах. Але аборт я б не рабіла. Не ведаю. Памятаю, як у юнацтве ляцела ў ЗША і мяне праводзіла мама. І вось я гляджу на яе на пероне, яна мне махае — не гаворыць, тыпу, куды ты ляціш, я хвалююся і не дзеля гэтага я цябе гадавала, — а ўсміхаецца, ледзь не пускае слязу. І раптам я адчула, як люблю маму, як гэта важна. Гэта, напэўна, чыстая любоў. Сувязь праз ДНК. То-бок чаму б мне не працягнуць жыццё, калі гэта ёсць такі дзіўны ланцужок ад вялікага выбуху… Але я баюся страціць час, свабоду, мабільнасць, адсутнасць адказнасці. А раптам з партнёрам сапсуюцца адносіны?.. Але потым падумала, што, калі так думаць, тады сапраўды не трэба нараджаць. Калі ты так хвалюешся за сваю крыштальнасць, не трэба.

    ЭРМІТАЖ

    Быў у маім жыцці такі выпадак. Каб наведваць музеі бясплатна, я зрабіў сабе падробны студэнцкі білет міжнароднага фармату. І вось прыехаў у Пецярбург, зразумела, пайшоў у Эрмітаж, і мяне не пусцілі. Я так абурыўся: што значыць — несапраўдны! Хоць сам яго ламініраваў, але вельмі быў абураны. Крычаў: Ды мяне ў Луўр нават пускалі. — А сам нават у Парыжы не быў ніколі. — А вы мяне!.. Карацей, вельмі снобскі выявіўся Эрмітаж. Мне не спадабалася іх стаўленне.

    ГЭТА НІ АБ ЧЫМ, КАЛІ Ў ДЗЯЦІНСТВЕ ТЫ ХАЦЕЎ ЯК ПІКАСА!

    Вось думаюць, што я сціплы. Можа, звонку так і падаецца, толькі мыслю аб сабе ў маштабе генія, не менш. У мяне быў адзіны арыенцір — Пікаса. Толькі такім чынам і ніяк інакш! На той момант іншых блізкіх мне варыянтаў я не ведаў. Менавіта такіх яскравых па выяўленчай мове. Быў, праўда, і застаецца дагэтуль яшчэ Філонаў. Калісьці я нават лічыў сябе рэінкарнацыяй Філонава. Мне падавалася, яго аналітычная сістэма вельмі пасуе маёй унутранай філасофіі. Але быць як Філонаў ніколі не хацеў. Не магу, як ён. Я геданіст, люблю ленавацца, ляжаць на канапе і мроіць альбо разважаць аб чымсьці. Каб было цёпла, было што паесці і выпіць. Не магу сябе жорстка абмяжоўваць. Таму абраў Пікаса — вось такі лад жыцця мне дакладна пасуе. І калі не так, то — навошта?

    Зараз вось вельмі дакладна адчуў «столь». Прыйшло расчараванне. Спачатку ад таго, што раптам зразумеў: мастацтва — не самае галоўнае ў жыцці. Ёсць больш важныя рэчы. Наўрад ці сам штосьці буду мяняць, але калі раптам абставіны склаліся б, то адчуваю: лёгка змог бы адмовіцца. Гэта, хутчэй, пра філасофію. Бо мастацтва — гэта эгаізм, фанабэрыя… бізуны, якімі жыццё цябе хвошча, а ты, як асёл, усё бяжыш наперад. Знік азарт. Ну адбылася выстава ў Брусэлі альбо Лондане — і не радуе. Няма аб чым расказваць. У дадатак фінансавае расчараванне… На выходных я гуляю ў футбол. Туды мужчыны прыходзяць з рознымі сацыяльнымі статусамі. Вось ужо дзе дэмакратыя ў чыстым выглядзе. Аднойчы мяне адзін падвозіў на “лэнд крузеры”, які каштуе сто дваццаць тысяч даляраў. Расказваў, як сябра з яго смяяўся, што на наступны год машына пяцьдзясят штук у кошце згубіла… Атамныя для мяне сумы! Але я разумею: для іх гэта статус, гэта рэч, якую можна паказаць, і ніхто не паставіць пад сумнеў кошт. А калі набудзеш сучаснае мастацтва, трэба будзе кожнаму тлумачыць, што цябе не падманулі, бо ўсе менавіта так будуць думаць.

    …Абсалютна чыстае поле, прайшоўшы жыццё амаль напалову, пачынаць з нуля. З маімі амбіцыямі — гэта ні аб чым. Ды я вінаград на сценцы буду маляваць, больш зараблю!

    КАШТОЎНАСЦІ

    Самы каштоўны рэсурс, які ў нас ёсць, гэта рэсурс часу. І таму мне вельмі шкада аддаваць свой час на рэчы, якія часта забіраюць шмат энергіі. У мяне быў тусовачны досвед. Але я зразумела, што мне некамфортна, бо я не атрымліваю дастатковую колькасць інфармацыі падчас камунікацыі з людзьмі. Пастаянна ўсплывалі нейкія асабістыя гісторыі, зносіны, якія я не разумела. І гэта псіхалагічна мяне спусташала — забірала энергію, час, а напрыканцы размовы я нават не разумела, аб чым ішла гаворка. Нагадвала бясконцыя серыялы.

    Адчуванне прафесіянальнай падтрымкі мне дае камунікацыя з міжнароднай мастацкай тусоўкай. Мець пяцьдзясят альбо сто агульных сяброў з якім-небудзь еўрапейскім куратарам — для мяне гэта нармальна. І калі летась я трапіла на арт-фестываль у Касэлі, аказалася, амаль усіх ведаю. Гэта было для мяне вельмі важна, каб адчуць сваю слушнасць і актуальнасць. Таму я магу сказаць, што мой горад — не Мінск, але ўвесь свет.

    Калі думаю пра будучыню… А што ты там расказвала пра рахунак, куды можна адкладаць на пенсію? Калі сур’ёзна, вялікі ўплыў на мяне аказаў той факт, што я нарадзілася ў Савецкім Саюзе, які навучыў мяне не баяцца big dreams. Таму, канешне, хачу на Марс, але мне ўжо сказалі, што, калі хочаш на Марс, трэба ўжо неяк рыхтавацца. І гэта праўда, бо зараз усё змяняецца вельмі хутка, магчыма, гадоў праз дваццаць на Марс можна будзе лятаць лакальным транспартам.

    ПРАЦА

    Я працавала: спецыялістам па народным касцюме ў Доме культуры, куратарам выставачнай залі прымітыўнага мастацтва ў Доме культуры, афарміцелем у Краязнаўчым музеі, мастачкай надмагільных помнікаў. Прапанавалі працаваць на тэлебачанні, але там такая маленькая зарплата, а быць трэба цалкам увесь працоўны дзень. Падумала, што не. Зараз раблю рэкламныя відэаролікі як фрылансер. Пакуль гэта найлепшае.

    ДОМ

    Мы шукалі менавіта дом. Каб гэта быў цэнтр горада, але дом — без пад’ездаў, з мінімальнай колькасцю суседзяў. Можа, складана назваць гэта домам, але я прывыкла. Калі дваццаць год табе кожным разам даводзіцца апрапрыіраваць чужыя прасторы, прывыкаеш. Часам нават гэта хутка атрымліваецца. Сродкаў асабліва няма, каб зрабіць так, як хочаш, бо кватэры найманыя. Але за доўгія гады ў мяне развіліся добрыя навыкі рэсайклінгу. Напрыклад, о божа, якое жудаснае крэсла, але я ўжо ведаю, што магу з ім зрабіць. Існаванне ў зададзеных абставінах выпрацоўвае шмат карысных жыццёвых навыкаў. Трэба сыходзіць з таго, што ёсць, і з гэтым працаваць. Думаю, у нашай сітуацыі ў культуры прыблізна гэтак жа. Штосьці кардынальна змяніць мы не можам, таму трэба працаваць з тым матэрыялам, які ёсць. Натуральна, гэта патрабуе шмат высілкаў, фантазіі, вынаходлівасці.

    Хацелася, каб дом стаў пастаянным месцам, каб было дзе расставіць свае талерачкі. Але адначасова ў мяне такое дваістае адчуванне. Я вельмі хутка прывязваюся да тых месцаў, дзе жыву. Але і мяняю іх вельмі лёгка. Застаецца сантымент, але змяніць дом не праблема. Новую прастору ўжыўляю ў сябе хутка. Зараз, канешне, пачынаецца ўжо ўзроставая тэма. Абрастаеш рэчамі, кніжкамі, вопраткай… сям’я, дзеці… Прывязваешся да месца, і ўсё складаней пакласці ўсё гэта ў валізку і пераехаць у іншы горад. Уяўляю сваё ідэальнае месца: кавалак зямлі, дом, афарбаваны ў той колер, які люблю. Але жыццё не дае пакуль такіх перадумоваў. Таму даводзіцца сыходзіць з таго, што ёсць.

    Знаёмыя, сябры часам прыходзяць і гавораць: “Так дзіўна, ты займаешся мастацтвам, а ў цябе голыя сцены”. Я адказваю: “Мне хапае гэтага за бортам”. Але на поўны даўншыфтынг яшчэ не гатовая. Ёсць жаданне, каб меней судакранацца з людзьмі. Пажадана, каб гэта было такое месца, якое захоўвае памяць. Няхай прыйдзецца плаціць за гэта камфортам… Мама, дарэчы, за гэта ўпікае… Няхай трошачкі перакошаны, але дом з гісторыяй.

    ПАШТОЎКА

    У Музеі сучаснага мастацтва ў Стакгольме я зайшла ў gift shop, там прадаваліся самыя розныя паштоўкі. Мой позірк спыніўся на фотаздымку маладой жанчыны, гэта быў чорна-белы партрэт. Я купіла гэтую паштоўку, не ведала, хто гэтая жанчына, яна проста мне спадабалася. Праз паўгода ўжо дома раптам вырашыла праверыць, хто гэта, бо імя гэтай жанчыны было напісана. Пачала гугліць, і аказалася, што яна з Беларусі, пераехала ў Швецыю ў 1914 годзе, дзе і пачала займацца фатаграфіяй. Адкрыла сваю партрэтную і танц-студыю ў Стакгольме ў 1928-м. Яе імя Анна Рыўкін-Брык, гады жыцця — чытаю — 1908 −1970. Зараз гэтая паштоўка на маім штодзённіку. Вось так бывае, праўда?

    FESTINA LENTE

    Люблю гуляць з сабакам, нават стаў сапраўдным прафесіяналам у гэтай справе. Нашыя шпацыры зараз доўжацца амаль дзве гадзіны. Маршрут стаў больш складаным. Зараз яшчэ дадаў плаванне. Адводжу дачку ў школу, і пайшлі.

    Яшчэ люблю кіно і кнігі, асабліва кіно. Гляджу рознае, я ўсёедны. Магу гадзіну шукаць нейкі фільм, чытаю водгукі на форумах, а потым — глядзіш нейкае лайно. Ну ты даўбаёб, кажу сабе. Ты гадзіну шукаў, і што? А потым яшчэ гадзіну глядзеў… Дзве гадзіны свайго жыцця ты страціў на лайно! Усё, ад заўтра гляджу выключна Таркоўскага! Альбо ўсё – ніякага тэлефона ў майстэрні, адкладаю і чытаю кнігі. Досыць гэтай залежнасці, ты гаспадар свайго лёсу – толькі кнігі! Але раптам неяк так атрымалася, што тэлефон у руцэ і ты зноў бачыш сябе за праглядам нейкага лайна. А яшчэ з ранку настрой сабе сапсаваў, пагартаў сацсеткі — вось гэты мудак у Германіі выстаўляўся, радуецца… Карацей, потым знаходжу сабе апраўданне. Як і з кіно — п’еш каву і глядзіш нейкую херню.

    У Фэйсбуку шукаю іншае меркаванне. А раптам штосьці адкрыецца? Нядаўна зразумеў, што анлайн быццам ходзіш аднымі і тымі ж сцежкамі. Прыкмеціў, што ў Інстаграме выпадае адно і тое ж, тыя ж выявы. Мала таго, што мне не пашчасціла нарадзіцца ў Беларусі, дык яшчэ падабаецца амерыканскае мастацтва — поўнае аптымізму, сарказму, злосці, палітыкі. Але лічу, што Інстаграм – забойца мастацтва. Бо немагчыма зараз гаварыць пра нараджэнне чагосьці новага. Раніцай ты закінуў у Інстаграм, а ў гэтую ж хвіліну тое самае запосціў хтосьці з Японіі. І хто першы? Гэта бессэнсоўна. Але я працягваю шукаць: а раптам знойдзеш кагосьці, хто раскажа табе штосьці іншае.

    А дармаедам я стаў праз ляноту. Мне нават ляніва было віртуальна ў саюз уступаць.

    НЕ ДАСТАТКОВА

    Я вырасла з мамай і сястрой. І думала, што мы так часта елі курыныя страўнічкі, таму што гэта здаровая ежа. Потым зразумела, чаму мая мама не ўмее гатаваць ялавічыну. Я ніколі не набывала яе, не магла сабе дазволіць. І, дарэчы, зараз я вельмі непатрабавальная ў ежы і штодзённасці. Хоць магу купіць усё, што хачу: ежу, адзенне, новы тэлефон, магу падарожнічаць… Але ці шчаслівая я? Не магу сказаць, бо павінна шмат працаваць. Не скарджуся, але мой каляндар запоўнены на кожны дзень. Не магу сказаць, што маю дастаткова часу для сябе.

    Мой дзядзька працуе вартаўніком. Раней у яго быў свой бізнес. А зараз ён працуе два разы на тыдзень. У яго мала грошай, але ён мае тое жыццё, да якога забяспечаныя людзі імкнуцца вырвацца хоць бы на тыдзень. Ён прачынаецца, за акном спяваюць птушкі, схадзіў на рыбалку, нікуды не спяшаецца. Асалода ад кожнага моманту. І гэта пытанне якасці жыцця. Мне падаецца, шмат людзей нешчаслівыя, таму што яны цалкам ідэнтыфікуюць сябе з працай, з ейнай механікай. Але можна не падключацца, так, зарабіць грошы, і што потым — а паеду я на мора! Гэта ты добра прыдумаў. Але ці робім мы так? Не, будзем далей укладаць у сваю адукацыю, стабільнасць, хоць куды больш ужо стабільна?

    У аднаго ёга я прачытала, што нават мурашка можа забяспечыць сваё існаванне. А яны жывуць у лесе, і іхнія мазгі нашмат меншыя за нашы. То бок чалавек можа ўсё. Але менавіта таму, што мы хвалюемся… гэта страх, што трэба зарабляць грошы, каб забяспечваць сябе і сваю сям’ю, гэтая думка акупуе ўсё нашае існаванне. Яна абмяжоўвае наш патэнцыял. Мне падаецца, можна зайсці з іншага боку, і раптам апынецца, што грошы — гэта найменшая з праблем. Але так я падумала зусім нядаўна.

    Не хачу ілгаць. Мне складана адказаць на гэтыя пытанні. Я не знаходжу сябе ў гэтых адказах.

    ДВОР

    Калі я завяршаю чарговы праект, адчуваю адначасова спусташэнне і палёгку. На некалькі дзён адпускаю ад сябе ўсе чарговыя дэдлайны і канцэнтруюся на штодзённых рэчах. Здаць абутак у рамонт, адказаць на шэраг лістоў, прыбрацца ў кватэры, перабраць старыя рэчы, штосьці выкінуць — люблю вычышчаць прастору. Падчас шпацыраў заўважаю, што мяняецца позірк — ён скіраваны не ўнутр, як падчас працы. Углядаюся ў асяроддзе, заўважаю дэталі і атрымліваю ад гэтага неверагодную асалоду. Штодзённы рытм мяне супакойвае. Думаць пра сябе, пра побытавыя рэчы і патрэбы.

    Не магу ўспомніць назву фільма… Там, карацей, герой глядзеў у акно, як у тым фільме. Ну ў мяне штосьці падобнае. Суседка жыве паверхам ніжэй. Дзіўная такая. Носіць тоўстыя акуляры і яшчэ ў яе дэмісезоннае ярка-сіняе паліто. Я яе запомніў, бо аднойчы іду — і яна насустрач. Спыняецца і пытае: А не падкажаце, мне вось прышла смс, што я штосьці выйграла, але трэба было адправіць дадзеныя карткі. Я адправіла… — Не, што вы, — адказваю, — гэта жулікі. Не трэба было даваць нумар сваёй карткі.Думаеце, жулікі, да?Канешне! Хутчэй блакуйце картку. Яны ўздыхнула: Блакаваць, кажаце? Так, пайду хутчэй, патэлефаную ў банк. Пасля гэтага выпадку я яе запомніў. Не ведаю, можа, таму што ў яе вельмі дрэнны зрок і такія тоўстыя акуляры, але яна падаецца вельмі няўважлівай. Кожным разам успамінаю гэтую гісторыю з выйгрышам, баюся запытацца, чым усё скончылася, каб раптам не трапіць у балючае… Нядаўна гляджу ў акно — яна вынесла свае хатнія расліны на двор, напэўна, перасаджвала, набірала зямлю пад дрэвам. Паверх халата было накінута нейкае алдскульнае паліто. Яе сын, падлетак, корпаўся сучком у лужыне. Яна пяшчотна апрацавала кожную расліну, дасыпала зямлю, высыпала старую. Адчувалася, што яна абсалютна шчаслівая сваёй суботай. Я ёй пазайздросціў.

    Акрамя таго, у мяне яшчэ і ўсе кветкі гінуць. Можа, таму што я на іх забываюся?