ПАДБОРКА ВАРКШОПАЎ АД АНТАНІНЫ СЛАБОДЧЫКАВАЙ, ДЖОНА ХАНТЫНГТАНА, ЛАРСА НОВЕНГА І ГРУПОЎКІ EEEFFF

Запрашаем мастачак і мастакоў, даследчыц і даследчікаў, куратарак і куратараў, актывістак і актывістаў, і ўсіх зацікаўленых, далучыцца да ўдзелу ў варкшопах у рамках праекта STATUS, якія абудуцца 6–7 чэрвеня ў Менску.

STATUS: роля мастачак і мастакоў у трансфармацыі грамадства – гэта збольшага даследчы праект, але паралельна мы таксама ладзім мерапрыемствы адкрытыя для публікі. Гэтым разам прапануем вам падборку варкшопаў “на ўсе выпадкі жыцця” ад тых, хто працуе ў нашых дасьледчых групах, а таксма ад каляжанак і калегаў з Беларусі і Швецыі.

Што гэта за варкшопы?

Паколькі тэматыка праекта даволі разнастайная і ўсе тэмы так лёгка не ахапіць, мы прапануем вам тры варыянты на выбар. Ніжэй прыведзеныя кароткія апісанні варкшопаў і спасылкі на рэгістрацыйныя формы да кожнага з іх. Варкшопы будуць праходзіць паралельна, з 13:00 6 чэрвеня да 17:00 7 чэрвеня. Калі ласка, абярыце адзін варкшоп і зарэгіструйцеся па спасылцы.

1. Менструацыя / і / улада,  варкшоп Антаніны Слабодчыкавай (мова варкшопу – руская)

Тэма варкшопу Антаніны Слабодчыкавай – крытычнае асэнсаванне прыроды ўлады ў паралелі з фізіялагічнымі працэсамі жаночага арганізму. Выкарыстоўваючы вобраз крыві, мастачка ў спекуляцыйным фармаце прапануе абмеркаваць “натуральнасць” гвалту і рэпрэсіўнасці любой улады як цэнтралізаванай сістэмы кантролю, якая развілася ў межах адносінаў патрыярхату. У якасці практычнай часткі тым, хто паўдзельнічае ў варкшопе, будзе прапанавана далучыцца да праекта Слабодчыкавай, у якім фотавыявы (напрыклад, паштоўкі) ідэалагічна азначаных будынкаў – палацаў, сядзіб, будынкаў, што рэпрэзентуюць дзяржаўнасць, – расфарбоўваюцца і дамалёўваюцца ў рэчышчы пазначанай тэматыкі.

Форма для рэгістрацыі

Дзе і калі?

Раён ст.м. “Плошча Перамогі” (дакладнае месца будзе паведамленае ў пацверджанні).

6 чэрвеня, 13:00–17:00.

7 чэрвеня, 10:00–13:00, 14:00–17:00.

2. Праектуючы паралельнае грамадства, варкшоп Джона Хантынгтана і Ларса Новенга (мова варкшопу – ангельская)

Што адбудзецца, калі мы пашырым і дэмакратызуем прывілеі мастачак і мастакоў быць незалежнымі інстытуцыямі? У межах варкшопу мы даследуем практыку стварэння фантастычных інстытуцый як магчымую мастацкую стратэгію. Мы будзем выкарыстоўваць гульнявы метад “зваротнага інжынерынгу” – метад, заснаваны на сцверджанні, што новыя, уяўляльныя інстытуцыі існуюць да іх фактычнага функцыянавання. Разам мы распрацуем розныя сцэнары іх аперавання і абмяркуем палітычны і мастацкі патэнцыял.

Лідары варкшопу – прадстаўнікі Шведскай Грамадскай Службы Свабоды, якая з’яўляецца самаарганізаваным аб’яднаннем, даследчым цэнтрам і творам мастацтва. Галоўная мэта праекта – вызваліць шырокую грамадскасць ад сацыяльных структур, якія знявольваюць іх ва ўмовы наёмнай працы і эканамічных паводзінаў.

Форма для рэгістрацыі

Дзе і калі?

Раён ст.м. “Плошча Перамогі” (дакладнае месца будзе паведамленае ў пацверджанні).

6 чэрвеня, 13:00–17:00.

7 чэрвеня, 10:00–13:00, 14:00–17:00.

3. Дзіравы футурызм, варкшоп у форме ларпу групоўкі eeefff (Мова варкшопу – ангельская і/або руская).

“Дзіравы футурызм” – гэта ларп (ролевая гульня ў рэальным часе), адмыслова створаны для таго, каб паэксперыментаваць з такой з’явай, як “навуковая фантастыка сённяшняга дня” – фантастыка, што факусуецца на ўяўленнях, якія пільна глядзяць на цяперашняе: на тыя зносіны, што фармуе сучасны тэхна-, бія- і палітэканамічны ландшафт. Нас будуць цікавіць усе магчымыя шчыліны сучаснасці, якія могуць прыводзіць да розных будучыняў.

Наша месца сустрэчы – пакой адпачынку ў Парку высокіх тэхналогій. Прычына таго, чаму мы ўсе апынуліся тут, – выгаранне, то-бок стан эмацыйнага, фізічнага і псіхічнага знясілення, выкліканы стрэсавымі працоўнымі рэжымамі. Мы будзем хадзіць на шпацыры ў лясныя зарасці, укараняцца ў геалагічныя наслаенні Музея камянёў, падглядаць за вольным часам працаўнікоў ПВТ і вынаходзіць самі сабе аздараўляльныя працэдуры. Толькі не з мэтай падлячыцца і вярнуцца зноўку ў шэраг, на працу, але навучыцца нарошчваць калектыўныя ўяўленні без адрыву ад рэальнасці. Гэта будзе нашая трэніровачная зона, дзе мы паспрабуем перасабраць нашыя жаданні з нулявога ўзроўню.

Форма для рэгістрацыі

Дзе і калі?

Раён ст.м. “Уручча” (дакладнае месца будзе паведамленае ў пацверджанні).

6 чэрвеня, 13:00–17:00.

7 чэрвеня, 10:00–13:00, 14:00–17:00.

Удзел ва ўсіх мерапрыемствах вольны.

У дні правядзення варкшопаў будуць арганізаваныя лёгкія абеды і вячэры.

Для тых, хто жыве не ў Менску, у нас ёсць абмежаваная магчымасць кампенсаваць дарогу і дапамагчы з пражываннем.

Будзем вельмі радыя вашаму ўдзелу!